Размаўляйце па-беларуску!

21.02.2022
Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. I вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Вельмі важна шанаваць і вывучаць мову свайго народа.

Сёння ў нас ёсць магчымасць паглыбіць уласныя веды, павысіць моўны ўзровень у час правядзення інтэлектуальнай гульні “Размаўляйце па-беларуску”. Змагацца будуць дзве каманды: “Васілёк” і “Буслік”. Гульня складаецца з раўндаў: «Размінка», «Інтэлектуальная азбука», «Перакладчык», «Тлумачальнік», «Цікава ведаць», «Спрыт, знаходлівасць і розум», «Паэтычны радок», «Словы-змейкі». З невялікай перавагай перамагла каманда “Буслік”.

Хацелася б, каб наша слова жыло шмат стагоддзяў, радавала сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю новыя пакаленні. Няхай льецца беларуская мова з радыё, тэлеэкранаў, упрыгожвае старонкі газет і кніг, гучыць на вуліцах і ў розных установах.

Ведайце, што найлепшы ваш твар, вопратка ваша, душа ваша — родная мова. Гаварыце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам, стане неабходнай. Размаўляйце па-нашаму, каб людзі бачылі вашу вернасць сваёй мове. Размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах — іншыя захочуць адказаць вам тым жа. I не саромцеся недасканалай гаворкі. Мова — жывая тканка, якая прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведайце: учора вы яшчэ не гаварылі па-беларуску, сёння размаўляеце на «трасянцы», а заўтра будзеце гаварыць на чыстай літаратурнай мове. Гаварыце па-беларуску самі і разам з намі.

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш што свет даўно нявузкі!

…Ды калі ты не бязродны сын –

Гавары са мной па-беларуску!

Яўгенія Янішчыц